top of page

Биография

Document.png
Document.png
Document.png
Document.png
Document.png
Document.png
Document.png

А. Болдовский

Глава
правительства

Жыццёвы шлях Кузьмы Кісялёва

   Далёка не кожны вясковы хлопчык здолее прайсці шлях ад самых нізоў да вяршыняў дзяржаўнай улады, атрымаць ва ўзнагароду пяць ордэнаў (па два – Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, адзін – “Знак Пашаны”).

   Кузьма Венядыктавіч Кісялёў нарадзіўся 1 лістапада 1903 года ў сяле Лабковічы Чэрыкаўскага павета ; (цяпер – Крычаўскі раён). “Цяжкімі былі дзіцячыя гады. Накарміць і апрануць вялікую сям’ю – сямёра дзяцей – было нялёгка. Свайго хлеба не хапала... Некалькі год запар наша сям’я пасвіла вясковую жывёлу. Узімку бацька ад’язджаў у Данбас, каб зарабіць грошай на пракармленне сям’і”, – успамінаў у сваёй кнізе “Запіскі савецкага дыпламата” К. Кісялёў.

   У 1904 годзе бацьку забралі на вайну. Кузьме было дзесяць, старэйшаму брату Макару – трынаццаць. Уся праца лягла на плечы маці і старэйшых дзяцей. “Сабраўшы свой ураджай і накасіўшы сена, мы ішлі на заробкі да пана Галкоўскага. Маці, старэйшаму брату і мне за капанне бульбы ён плаціў па пяць капеек у дзень і ў дадатак даваў кошык бульбы...”.

  У 1918 годзе, пасля заканчэння сельскай царкоўна-прыходскай школы, маці паслала сына вучыцца ў Крычаўскае вышэйшае пачатковае вучылішча. Вучэльня рыхтавала сельскіх настаўнікаў. Зімой Кузьма вучыўся, а ўлетку рабіў у сельскай гаспадарцы.

zhsh.JPG

    Увесну 1919 года Кісялёў уступіў у камсамол. Калі навучальны год скончыўся, ён вярнуўся да сябе ў вёску. А ў хуткім часе яго абралі сак­ратаром Маляціцкага валаснога камітэта камсамола. У 1922 годзе, па пуцёўцы Мсціслаўскага павятовага камсамола, паехаў на вучобу ў Смаленскі ўніверсітэт. У той час студэнты не атрымлівалі стыпендый. Каб пракарміцца, разам са сваімі таварышамі  па суботах і нядзелях хадзіў на чыгуначную станцыю грузіць і разгружаць вагоны. Пры гэтым К. Кісялёў сумяшчаў вучобу ва ўніверсітэце з актыўнай камсамольскай і грамадскай дзейнасцю. У хуткім часе яго абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі медыцынскага факультэта.

    Напачатку 1924 года ён з групай таварышаў перавёўся ў Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт. I тут ён не заставаўся ў баку ад грамадскага жыцця, быў старшынёй выканаўчага бюро прафсаюза. У 1928 годзе скончыў навучанне. Увосень таго ж года Кузьму Венядыктавіча прызначылі ардынатарам клінікі нярвовых захворванняў медыцынскага факультэта.

У 1930 годзе, па накіраванню Варонежскага абкама партыі, Кісялёў паехаў на вучобу ў камуністычную акадэмію, пры якой былі створаны Інстытуты чырвонай прафесуры. Пасля здачы экзаменаў яго прынялі на першы курс Інстытута філасофіі і прыродазнаўства, дырэктарам якога быў Ота Юльевіч Шміт.

   Пасля заканчэння інстытута ў 1933 годзе Кісялёва накіравалі ва Усесаюзны інстытут эксперыментальнай  медыцыны ў Маскве. У інстытуце ён вёў навуковую ра­боту, пісаў артыкулы па спецыяльных пытаннях, а ў 1936 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне навуковай ступені кандыдата медыцынскіх навук.

    У чэрвені 1937 года Кісялёва выклікалі ў ЦК партыі і паведамілі, што накіроўваюць яго ў Беларусь у якасці наркама аховы здароўя. Так у яго лёсе адбыўся круты паварот. Па прызнанню самога Кісялёва, адміністрацыйная дзейнасць была для яго новай і цяжкай: “Надышлі клапатлівыя будні. Работы аказалася шмат. I самай разнастайнай”.

   Але ўзначальваць Народны камісарыят аховы зда­роўя давялося нядоўга. 28 ліпеня 1938 года першая сесія Вярхоўнага Савета БССР абрала Кузьму Венядыктавіча кіраўніком урада Беларусі – Старшынёй Саўнаркама БССР. Яму было ў той час няпоўных 35 год. Праз трыццаць шэсць гадоў ён успамінаў: “Я быў прыгнечаны ўсведамленнем велізарнай адказнасці, якую ўскладала на мяне новая пасада. Да таго ж, калі па пытаннях навукі, аховы здароўя ўжо даводзілася сутыкацца, то ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фінансаў не меў аніякага вопыту. Але што было рабіць? Работа ёсць работа, і яе трэба выконваць. Вялізная колькасць спраў і праблем захапілі мяне цалкам”.

   27 чэрвеня 1940 года Кузьму Венядыктавіча вызвалілі ад абавязкаў старшыні Саўнаркама БССР і перавялі на працу ў Маскву, ва Усесаюзны інстытут эксперыментальнай медыцыны на пасаду намесніка дырэктара. Затым яго прызначылі дырэктарам Дзяржаўнага медыцынскага выдавецтва СССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён рабіў старшынёй Ульянаўскага аблвыканкама.

    Пасля вызвалення часткі Беларусі, Кісялёў вярнуўся ў родны край. 26 лістапада 1943 года Савецкая Армія вызваліла ад гітлераўскіх захопнікаў Гомель, у якім часова размясціліся ЦК КП(б)Б і ўрад рэспублікі. Урад прызначыў Кузьму Венядыктавіча старшынёй камісіі  па аказанню дапамогі вызваленым з Азарыцкага лагера смерці. Мястэчка Азарычы размяшчалася ў пустыннай, забалочанай мясцовасці. Перад удзельнікамі камісіі паўстала жудасная карціна: у лагеры, абгароджаным калючым дротам, ляжалі сотні трупаў мужчын, жанчын, дзяцей, якія памерлі ад голаду і сыпнога тыфу. Жывымі засталося няшмат - гэта былі шкілеты, абцягнутыя скурай, з запаў- шымі, гарашчымі вачыма, цяжка хворыя людзі. У лагеры знаходзіліся больш за 30 тысяч чалавек.

    3 30 сакавіка 1944 па 1958 год Кісялёў сумяшчаў пасаду першага намесніка старшыні Саўнаркама БССР, на якую ён быў прызначаны ў снежні 1943 года, з пасадай наркама, а затым – міністра замежных спраў БССР. Пятая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР першага склікання 24 са­кавіка 1944 года прыняла закон аб стварэнні Народнага камісарыята замежных спраў БССР. 3 гэтага часу і пачалася дыпламатычная дзейнасць Кісялёва. Кузьма Венядык­тавіч яшчэ не меў вопыту ў гэтай рабоце, таму трэба было тэрмінова вывучыць асноўныя пытанні дыпламатычнай практыкі. Для гэтага ён выехаў у Маскву і на працягу трох месяцаў, па 10-12 гадзін штодзённа, вывучаў у НКЗС СССР пытанні, якія яму патрабаваліся.

Красавік 1945 года. У гэтыя гістарычныя дні на ўзбярэжжы Ціхага акіяна ў далёкім Сан-Францыска сабраліся прадстаўнікі 50 дзяржаў. Яны прыбылі для таго, каб закласці асновы Арганіза­цыі Аб’яднаных Нацый. У ліку дэлегацый дзяржаў-заснавальнікаў ААН была і дэлегацыя БССР. Урад даручыў Кузьме Венядыктавічу ўзначаліць яе. К. Кісялёў - адзіны ў свеце міністр замежных спраў, які браў удзел у дваццаці штогадовых канферэнцыях Генеральнай Асамблеі ААН.

У кастрычніку 1952 года, падчас работы XIX з’езда партыі, Кісялёву прапанавалі паса­ду сакратара ЦК па кадрах. Гэта было сур’ёзнае павы- шэнне. Кісялёў падумаў і папрасіў пакінуць яго ў Мінску. Пад нумарам два ў спісе кандыдатаў значыўся Л. Брэжнеў, які і заняў гэтую пасаду. У 1966 годзе, калі Брэжнеў стаў Генеральным сакратаром ЦК КПСС, ён узгадаў пра свайго канкурэнта - Леанід Ільіч не любіў быць другім. I Кісялёва ў 1966 годзе адправілі на пенсію.

    Але ў Беларусі пра яго не забыліся. Як толькі стала магчыма, П. Машэраў прызначыў яго саветнікам Саўміна БССР па ахове здароўя. На гэтай пасадзе Кузьма Венядыктавіч рабіў да скону свайго жыцця. За гэтыя гады ён напісаў дзве кнігі і сцэнар да мастацкага фільма “Чорнае сонца”. К. Кісялёў сам мог бы стаць героем кінафільма, таму што не кожны чалавек пражывае такое яркае, запамінальнае, поўнае неардынарных падзей жыццё.

    Жыццёвы шлях Кузьмы Венядыктавіча Кісялёва скон­чыўся 4 мая 1977 года.

   Аб людзях мяркуюць па іх спра­вах, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. I К. Кісялёў у гэтым сэнсе – яскравы прыклад. Сярод яго заслуг – стварэнне Рэспубліканскага анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах. У СССР такіх цэнтраў было тры: два – у Расійскай Федэрацыі і адзін – ва Украіне. У Бе­ларусі людзі запісваліся ў чаргу, каб туды патрапіць. Далёка не кожны дажываў да сваёй чаргі на аперацыю. Кісялёў дабіўся ў Маскве рашэння аб адкрыцці анкала­гічнага цэнтра ў Беларусі. Пачалося будаўніцтва – заклалі падмурак і першы паверх. I тут Масква спыніла пералічэнне грошай – аб’ект ператварыўся ў чарговы даўгабуд. Кісялёў пайшоў на неардынарны крок – на пасяджэнні ААН Кузьма Венядыктавіч адступіў ад тэкста выступления, заверанага Міністэрствам замежных спраў СССР і ЦК. Ён расказаў пра тое, што пад Мінскам будуецца навейшы анкалагічны цэнтр і запрасіў Гене­ральнага сакратара ААН у Беларусь праз год на яго адкрыццё. Інфармацыя трапіла ў заходні друк. Масква тэрмінова пералічыла сродкі. У прызначаны тэрмін бальніца была пабудаваная. Генеральны сакратар ААН сапраўды прыехаў на яе адкрыццё.

    Менавіта Кузьме Венядыктавічу мінчане абавязаныя тым, што ў сталіцы ёсць Камсамольскае возера. Аднак гэтая будоўля ледзьве не каштавала яму пасады. У газеце “Прав­да” быў надрукаваны фельетон, у якім кіраўнік Саўнаркама Беларусі абвінавачваўся ў няправільным расходаванні бюджэтных сродкаў. Справай займаўся сам I. Сталін, які ўрэшце адобрыў пачынанне Кісялёва.

   Жыхары Лабковічаў з удзячнасцю ўспамінаюць свайго славутага земляка. У 1952 годзе ў вёсцы была адкрытая сельская ўчастковая бальніца, пабудаваная пры садзейнічанні К. Кісялёва. Медыцынскае абсталяванне для яе было закуплена на яго ўласныя грошы. У 1972 годзе, таксама пры яго садзейнічанні, была пабудава­ная Лабковіцкая школа, якой у 1977 годзе было прысвоена імя К. Кісялёва. У школьным музеі захоўваюцца матэрыялы і экспанаты, якія адлюстроўваюць яго жыццё і дзейнасць.

    Біяграфія Кузьмы Венядыктавіча змясціла ў сабе столькі падзей, што іх магло бы хапіць на вялікую захапляючую кнігу. Ён быў чалавекам савецкай эпохі, якога, як і шмат іншых дзеячоў, незаслужана забылі. На жаль, ні ў адным беларускім горадзе няма вуліцы К. Кісялёва. Але ж у той час наша краіна трымалася менавіта на такіх людзях.

 

Падрыхтаваў Сяргей ДЫНІКАЎ.

 

На здымку: 26 мая 1945 года, Сан-Францыска, выступае К. Кісялёў.

 

    Дынікаў, С. Жыццёвы шлях Кузьмы Кісялёва : [пра славутага земляка, дзяржаўнага дзеяча Беларусі, дыпламата] / С.Дынікаў // Кричевская жизнь. – 2013. – 4 верасня. – С. 5.

bottom of page