top of page
orden-lenina.png
orden-lenina.png
order_of_the_red.png
order_of_the_red.png
znakpocheta.png

Вогнішча веры

 

     Кузьма Кісялёў быў узнагароджаны і Папскім медалём «Вогнішча веры» — адной з вышэйшых узнагарод Ватыкана. У 1965 годзе беларусу яе ўручыў Павел VІ.

     Кісялёў працаваў не толькі міністрам замежных спраў, але да 1959 года з'яўляўся і намеснікам старшыні Савета Міністраў Беларусі. Займаючы такую пасаду, ён спрыяў адкрыццю каталіцкіх касцёлаў у нашай краіне. Яны пачыналі дзейнічаць афіцыйна, асабліва ў заходніх абласцях Беларусі. Тады краінай кіраваў Кірыл Мазураў, яго другім сакратаром быў Пётр Машэраў. Яны гэтай справе не спрыялі, але і не перашкаджалі.

     Кузьма Кісялёў паважаў вернікаў, бо сам у дзяцінстве скончыў царкоўна-прыходскую школу, яго бацькі верылі ў Бога. Таму нават у савецкія антырэлігійныя часы спрыяў захаванню веры. Аднак была ў гэтым і высокая палітыка. Католікаў у свеце было шмат, таму Кісялёў, як таленавіты дыпламат, быў зацікаўлены ў тым, каб схіліць іх на свой бок, заваяваць сімпатыі.

З трыбуны ААН — пра анкалогію

 

  Па прафесіі Кузьма Кісялёў быў урачом. Ён бачыў, што людзі тысячамі гінулі ад анкалагічных захворванняў. Спецыялізаваныя бальніцы па барацьбе з анкалогіяй былі толькі ў Маскве, Ленінградзе і Кіеве. Таму да беларусаў чарга даходзіла далёка не заўсёды, а калі і даходзіла, то часта было ўжо позна. Кузьма Кісялёў прапанаваў беларускаму кіраўніцтву стварыць сваю анкалагічную бальніцу. Яны падтрымалі гэтую ідэю, сталі хадайнічаць перад Масквой (эканоміка ў той час была цэнтралізаванай, усе важныя фінансавыя пытанні вырашаліся там). У сталіцы Савецкага Саюза прапанову падтрымалі і спецыяльна выдзелілі сродкі.

     Пачалі будаваць бальніцу, зрабілі фундамент, першы паверх. А пасля дзесьці ў эканоміцы з'явілася пэўная «дзірка» (пэўна, у сельскай гаспадарцы) — і грошы перакінулі туды. А бальніцу, маўляў, пасля дабудуем, у наступнай пяцігодцы, калі будзе магчымасць. Людзі ж працягвалі хварэць і паміраць. Таму Кузьма Кісялёў вырашыў дзейнічаць.

Усе свае выступленні ў ААН ён пісаў сам ад рукі. Пасля іх абмяркоўвалі ў ЦК партыі, затым у Міністэрстве замежных спраў СССР, а таксама ў міжнародным аддзеле ЦК КПСС. Толькі пасля гэтага ён падымаўся на трыбуны ААН і казаў прамову. І ні аднаго слова ў ёй нельга было змяніць. Іначай давялося б расплачвацца за гэта…

     Але на гэты раз Кісялёў уставіў ажно два абзацы і прачытаў іх з трыбуны міжнароднай арганізацыі. Першае, пра што ён казаў, было тое, што ў Беларусі ўжо будуюць спецыялізаваную бальніцу па барацьбе з ракавымі захворваннямі. Другое — што запрашае кіраўніцтва ААН прыехаць паглядзець, як ідзе будаўніцтва. Гэтую інфармацыю размясцілі ўсе газеты таго часу, перадалі яе па тэлебачанні, радыё, у тым ліку амерыканскім, еўрапейскім, азіяцкім. Дзявацца не было куды, і з Масквы другі раз выдзелілі фінансы.

    Па запрашэнні Кісялёва ў Мінск прыляцеў генеральны сакратар ААН Дак Хамаршэльд. Яму паказалі, што бальніцу будуюць, хутка адкрыюць. Анкалагічны цэнтр сапраўды дабудавалі, абсталявалі, запрасілі быць яго дырэктарам аднаго з найлепшых урачоў — прафесара Аляксандрава з Ленінграда. Аднак Кузьме Кісялёву такую партыйную і дзяржаўную недысцыплінаванасць не даравалі. Праз пэўны час яго знялі з паста намесніка старшыні Савета Міністраў і пакінулі толькі міністрам замежных спраў БССР.

     Алена і Васіль узгадваюць, як бацька тады прыйшоў дадому, паклікаў іх і сказаў: «Дзеці, пасты прыходзяць і сыходзяць, а бальніцы застаюцца». Махнуў рукой і пайшоў адпачываць.

    Варта дадаць, што па ініцыятыве Беларусі і асабіста Кузьмы Кісялёва быў створаны Фонд ААН па садзеянні барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі, які працуе і зараз. Раз у два гады ў ім прысуджаюцца ўзнагароды за найлепшыя дасягненні ў гэтай галіне. Неаднаразова была прэміравана і Беларусь.

    Шчарбачэвіч, Н. Кузьма Кісялёў. Прыроджаны дыпламат : [пра першага міністра замежных спраў БССР, ураджэнца вёскі Лабковічы Крычаўскага раёна] / Ніна Шчарбачэвіч // Звязда. – 2013. – 19 лістапада. – С. 6.

      Источник: http://zviazda.by/2013/11/22417.html

вогнища веры.jpg
ООН фонд.jpg
bottom of page