top of page

Семья

Document.png
Document.png
Document.png

Ён быў чалавекам эпохі
(успамін пра бацьку)

Document.png

Ён быў чалавекам эпохі.

(успаміны пра бацьку)

   У горадзе Мінску жыве сын Кузьмы Кісялева — Васіль Кузбміч Кісялёў. Васіль Кузьміч — гісторык, выкладае ў БНТУ. Кандыдат навук, дацэнт. Аўтар трох кніг і больш чым трыццаці навуковых артыкулаў. Рэдакцыя часопіса звярнулася да свайго аўтара з просьбай падзяліцца ўспамінамі пра бацьку.

    Савецкая ўлада трымалася не толькі на тэроры, нягледзячы на сумна вядомыя чысткі, расстрэлы і лагеры. Савецкая ўлада трымалася не толькі на падмане, не зважаючы на тое, што з кожным годам патокі хлусні павялічваліся. Яна трымалася на людзях, якія шчыра ў яе верылі і не з-за страху, а па сумленні рабілі ўсё, што маглі, на карысць свайго народа. Так, як яны разумелі. Сярод гэтых людзей — Кірыла Пракопавіч Арлоўскі, Кірыла Трафімавіч Мазураў, Пятро Міронавіч Машэраў, Кузьма Венядзіктавіч Кісялёў. І калі большасць згаданых прозвішчаў добра знаёма нашым чытачам, то пра наркома замежных спраў БССР Кісялёва чулі, напэўна, нямногія. А шкада, гэты чалавек зрабіў нямала для нашай краіны

    Неяк на пачатку пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя Кузьма Кісялёў быў канкурэнтам самога Леаніда Брэжнева. У 1966 годзе, калі Брэжнеў стаў Гене-ральным сакратаром ЦК КПСС, Кісялёву “прыгадалі” мінулае і ціха адправілі на пенсію. У пачатку 1990-х гадоў хваліць дзеячаў савецкай эпохі было не прынят зусім. А ганіць Кісялёва не было за што.

    Ды час ідзе, расстаўляючы кропкі над “і”. На некаторых савецкіх правадыроў амаль забыліся, чорная памяць пра іншых вельмі доўга яшчэ будзе жыць.

    Нам патрэбна памятаць і пра тых, каму не было чаго саромецца ні пры жыцці, ні пасля смерці. Таму наш сённяшні аповед пра Кузьму Венядзіктавіча Кісялёва.

    Біяграфія гэтага чалавека змясціла ў сабе стоькі падзей, што іх магло б хапіць на вялікую захапляльную кнігу.

Кузьма Кісялёў нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Лабковічы Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні ў сям’і да дзесяцігадовага ўзросту дажылі толькі пяцёра — ні пра якую медыцыну тады і почуту не было.

    Кузьма па старшынстве сярод братоў быў другім.

Рэвалюцыя сялянам дала зямлю (гэта ўжо потым, у 1930-я гады, пачалася калектывізацыя), таму большасць з іх выступала за савецкую ўладу.

    У 1919 годзе, у шаснаццацігадовым узросце, Кузьма Кісялёў быў сярод арганізатараў адной з першых камсамольскіх ячэек на Беларусі.

   У 1920 годзе дабравольцам пайшоў у Чырвоную Армію. У 1923 годзе, калі ён меў дваццаць гадоў, быў прыняты ў шэрагі камуністычнай партыі і накіраваны ў Смаленск для атрымання медыцынскай адукацыі. Потым перавёўся ў Варонеж, дзе і закончыў універсітэт па спецыяльнасці ўрач-неўрапатолаг. Працаваў у заводскай бальніцы, абараніў кандыдацкую дысертацыю.

   У 1930 годзе Кузьме Кісялёву прапанавалі працу ў Маскве, у Інстытуце чалавека. Там малады кандыдат навук прапрацаваў сем гадоў. Адначасова ён выкладаў і ў Інстытуце чырвонай прафесуры. Пазней гэты інстытут быў пераўтвораны ў Акадэмію грамадскіх навук. У ім Кузьма Венядзіктавіч Кісялёў працаваў на пасадзе загадчыка кафедры дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму. Урачэбнай практыкі ўсё ж такі Кісялёў не пакінуў, пачаў пісаць доктарскую дысертацыю.

    Прыйшоў 1937 год. Пачаліся масавыя арышты. Арыштавалі ўсё кіраўніцтва і палову членаў партыйнага бюро інстытута. У Кузьмы Венядзіктавіча дома напагатове з парай бялізны і цёплымі рэчамі стаяў трывожны чамаданчык, падрыхтаваны на выпадак арышту.

    Восенню 1937-га ноччу пазванілі ў дзверы. Увайшлі таварышы ў форме з сінімі пятліцамі НКУС: «Збірайцеся, паехалі з намі». Куды, за што — такіх пытанняў ніхто не задаваў. Кузьма Кісялёў абняў цяжарную жонку і сказаў ёй на развітанне: «Запомні, я —ч алавек сумленны. Калі народзіцца сын ці дачка — раскажы ім пра гэта».

   Суправаджальнікі пасадзілі Кісялёва ў машыну, што стаяла каля пад’езда, і павезлі па начной Маскве. Ехалі моўчкі. Машына выехала на Лубянскую плошчу, развярнулася на ёй і … паехала далей, убок Крамля.

   Прывялі Кузьму Кісялёва ў прыёмную аднаго з будынкаў за крамлёўскай сцяной. Там ужо было шмат людзей, усе маўчалі — размаўляць не рэкамендавала прысутная тут жа ахова. Загадалі чакаць. Прайшло некалькі гадзін.

   Потым дзябёлы голены мужчына запрасіў Кузьму Кісялёва ў кабінет. Гэта быў Паскробышаў, асабісты сакратар Сталіна. У кабінеце знаходзіўся сам Сталін, а таксама — некалькі членаў Палітбюро і ЦК партыі. Кісялёву задавалі пару пытанняў па яго біяграфіі. Затым загаварыў Сталін. Ён сказаў, што ў Беларусі выяўлены ворагі народа. Яны прабраліся нават ва ўрад рэспублікі. Людзі гэтыя арыштаваны і панясуць належнае пакаранне. А вам, таварыш Кісялёў, мы прапануем тэрмінова выехаць у Мінск і заняць пасаду наркома аховы здароўя. Адпаведнае рашэнне беларускага ўрада будзе прынята пасля таго, калі ўрад будзе сфарміраваны наноў.

    Увесь урад БССР і ўвесь Цэнтральны камітэт партыі былі арыштаваны напярэдадні.

    Кузьму Венядзіктавіча адвезлі на аэрадром, і ён паляцеў у Мінск. Пазваніць жонцы змог толькі раніцай, ужо з беларускай сталіцы.

   Цяжка сказаць, чаму менавіта на Кісялёве спыніў свой выбар Сталін. Можа, спрацавала рэкамендацыя сакратара ЦК па кадрах Андрэева, які лячыўся ў Кісялёва.

   Калі Кузьма Кісялёў прыехаў у Мінск, у наркамаце аховы здароўя засталіся толькі прыбіральшчыцы і машыністкі. Усе астатнія былі арыштаваны. Патрэбна было тэрмінова наладжваць работу. Кісялёў патэлефанаваў усім сакратарам акруговых камітэтаў Беларусі (тады іх было дзесяць) і папрасіў падшукаць яму добрых урачоў. У рэспубліцы ўжо ведалі, хто такі Кісялёў і хто яго назначыў, таму праз дзень-два ўсе спецыялісты былі ў Мінску. Так быў сфарміраваны касцяк наркамата.

  Работы ў Беларусі хапала. На яе тэрыторыі назіраліся ўспышкі тыфу, дыфтэрыту, туберкулёзу, халеры. Дзіцячая смяротнасць таксама была высокай. Працаваць даводзілася па дваццаць гадзін у суткі.

   У канцы 1938 года Кісялёва запрасілі ў Маскву са справаздачай. Яго прыняў Молатаў. А праз двое сутак ноччу яго выклікалі ў Крэмль. У той час, калі Кісялёў быў у Маскве, у Мінску арыштавалі старшыню Савета Народных Камісараў А.Ф. Кавалёва. «Беларускія таварышы рэкамендавалі на гэту пасаду вас, таварыш Кісялёў», - сказаў, пільна ўзіраючыся ў вочы Кісялёва, Сталін.

   Кузьма Венядзіктавіч крыху разгубіўся: «Баюся, ці спраўлюся...» Ён толькі год працаваў наркомам ахова здароўя. Сталін памаўчаў, а потым кажа: «Ну, калі не справіцеся, мы вас з пасады знімем».

     Як тады знімалі, было вядома ўсім.

    Кісялёў не верыў, што яго папярэднік быў вінаваты. Калі ў 1943 годзе А.Ф. Кавалёў быў выпушчаны на волю (для тых часоў выпадак даволі рэдкі), Кузьма Венядзіктавіч дапамог яму, былому зняволенаму, уладкавацца на працу. У далейшым яны сябравалі, аж да самай смерці Кісялёва.

   У 1940 годзе хмара згрувасціліся і над галавой Кісялёва. Наркомы дзяржаўнай бяспекі Цанава і Берыя паскардзіліся Сталіну: усе праяўляюць павышаную пільнасць, выяўляюць ворагаў народа, пішуць даносы, а Кузьма Кісялёў ніводнага ворага не выкрыў. Ды гэта яшчэ паўбяды. Галоўнае ў тым, што старшыня Саўнаркама БССР Кісялёў не падпісаў ні адзін спіс на арышт ці расстрэл. А на яго раўняюцца іншыя. І гэта ўжо сабатаж распараджэнняў цэнтра. Кісялёў услых гаворыць, што на гэта ў яго не хапае ні часу, ні жадання. Маўляў, гэта справа НКУС — няхай яны ёю і займаюцца.

Пазней, у 1960-я гады, непрыяцелі Кісялёва старанна перакапалі ўсе архівы з мэтай адшукаць падобныя дакументы, на якіх стаяў бы подпіс Кісялёва. Нідзе не адшукалі. Кузьма Венядзіктавіч такіх спісаў сапраўдны не падпісваў. Прынцыпова. Наўрад ці мог Кісялёў кагосьці выратаваць — працавала сістэма. Але грэх на душу ён не ўзяў ні разу.

    Зачапіць Кісялёва без дазволу Сталіна ўсёмагутны НКУС усё ж не рашаўся. Вось і паскардзіліся правадыру.

   Праз колькі часу Паскробышаў расказаў Кісялёву, што Сталін пасля таго, як выслухаў Берыю і Цанаву, моўчкі доўга хадзіў па кабінеце. Потым сказаў: «Малады яшчэ. Разбіраецца не ва ўсім. Падшукайце яму іншыю працу».

   Так летам 1940 года Кузьма Кісялёў стаў узначальваць выдавецтва «Медыцынская літаратура» ў Маскве.

Пачалася вайна. Кісялёў напісаў чатыры рапарты з просьбай адправіць яго на фронт. Яму адмаўлялі. Тады ён напісаў пяты рапарт. І гэты дакумент трапіў да Сталіна. Іосіф Вісарыёнавіч напісаў сваю рэзалюцыю (потым яе паказалі Кісялёву): «Напіша шосты — пасадзіць».

  Больш рапартаў пісаць не давялося. Напрыканцы года Кісялёў быў накіраваны на пасаду старшыні Ульянаўскага аблвыканкама з персанальнай адказнасцю за вытворчасць знакамітых «кацюш».

   Не маючы тэхнічнай адукацыі, Кузьма Венядзіктавіч абапіраўся на вопыт і веды спецыялістаў. У яго як у паўнамоцнага прадстаўніка ўлады было права—забраць з лагера любога неабходнага яму спецыяліста незалежна ад артыкула, па якім той быў асуджаны. Кузьма Кісялёў шырока карыстаўся гэтымі сваімі паўнамоцтвамі і прыцягваў да працы ўсё новых канструктараў, інжынераў. Па сутнасці, ён даваў гэтым людзям свабоду. За 1942-1943 гады Кузьма Венядзіктавіч вызваліў такім чынам з лагераў некалькі тысяч чалавек.  Тады  ён пазнаёміўся і з Сяргеем Паўлавічам Каралёвым, які ў далейшым стаў знакамітым вучоным у галіне ракетна-касмічнай тэхнікі.

   Праўда, людзі ў пагонах НКУС настойліва рэкамендавалі Кісялёву не праяўляць такой актыўнасці—за гэта ён мог быць пакараным і сам. Але папярэджанні не спынілі Кузьму Венядзіктавіча. У 1943 годзе Кісялёў прадставіў супрацоўнікаў канстурктарскага бюро Андрэя Тупалева, у ліку якіх быў і Сяргей Каралёў, да датэрміновага амнісціравання за ўдарную працу.

    Пасля вызвалення Гомеля ў канцы 1943 года быў сфарміраваны ўрад БССР. Кісялёва адклікалі ў Беларусь.

Кузьма Венядзіктавіч быў назначаны старшынёй Камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі і наркомам будаўніцтва рэспублікі.

   Добра вядома, у што была ператворана наша краіна за тры гады вайны. Патрэбна было аднаўляць спаленую, разбураную Беларусь. Гарады ляжалі ў руінах, людзі жылі ў зямлянках. Кісялёў унёс прапанову—у кожным раёне пабудаваць цагельны завод. І прабіў гэту ідэю ў Маскве. У многім дзякуючы яго настойлівасці адносна хутка ўдалося аднавіць беларускую прамысловасць, пабудаваць новыя дамы, бальніцы і школы.

   У сакавіку 1944 года на сесіі Вярхоўнага Савета Кісялёва зацвердзілі на пасаду наркома замежных спраў Беларусі. Па прапанове Масквы такія народныя камісарыяты былі сфармірованы ва ўсіх саюзных рэспубліках СССР.

Гэта было напярэдадні стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Па задуме Сталіна, у ААН паўнапраўнымі членамі павінны былі ўвайсці ўсе шаснаццаць рэспублік СССР. Забягаючы наперад, скажам, што гэтаму плану ажыццявіцца было не суджана, - Рузвельт і Чэрчыль рэзка выступілі супраць. Рузвельт, да прыкладу, прапанаваў: у такім выпадку няхай у ААН увойдуць усе пяцьдзесят штатаў ЗША.

    У выніку, акрамя СССР, у Арганізацыю Аб’яднаных Нацый увайшлі Беларусь і Украіна як рэспублікі, якія ўнеслі вялікі ўклад у перамогу над фашызмам і панеслі найбольшыя страты ў ходзе Другой сусветнай вайны. Кісялёў быў кіраўніком беларускай дэлегацыі па стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

    Кузьма Венядзіктавіч асвойваў дыпламатыю, у дасканаласці вывучыў англійскую мову.

  Дэлегацыя БССР актыўна працавала ў ААН. Было б памылковым лічыць, што беларуская дэлегацыя не мела ўласнай ініцыятыве і толькі спрыяла выкананню рашэнняў, прынятых у Маскве.

  Да прыкладу, па  прапанове Кіслёва  быў створаны Міжнародны фонд ААН  па садзейнічанні барацьбе з ракавымі захворваннямі. І да сённяшняга часу раз у два гады лепшыя вучоныя свету, якія займаюцца праблемамі лячэння гэтай хваробы, узнагароджваюцца ад імя фонду. ААН фінансуе навуковыя праграмы і даследаванні ў гэтай галіне.

   У 1950 годзе пачалася вайна ў Карэі, а ў СССР узвіўся  чарговы  віток  шпіёнаманіі. Неяк Кісялёў прыйшоў раніцай на працу і зноў убачыў знаёмую яму карціну — у будынку Міністэрства замежных спраў БССР на сваіх рабочых месцах былі адны прыбіральшчыцы і машыністкі, а астатнія супрацоўнікі аказаліся арыштаванымі як шпіёны розных разведак свету.

   Кісялёва не кранулі. Але ж усіх людзей ён сам, асабіста, падбіраў і назначаў на пасады. У той жа дзень Кузьма Венядзіктавіч выехаў у Маскву. Цяпер цяжка з дакладнасцю сказаць, пра што ён думаў у дарозе. Наўрад ці ён не разумеў, на што ішоў.

   У сталіцы Кісялёў патэлефанаваў Паскробышаву і, упершыню за жыццё, папрасіўся на прыём да Сталіна «па асабістым пытанні». Яму сказалі: «Пасяліцеся ў гасцініцы «Масква» і з нумара нікуды не выходзьце. Вас выклічуць». Прайшло некалькі дзён. І Кісялёва зноў прывезлі ў Крэмль.

    Кісялёў сказаў Сталіну: «У мяне няма ніякіх асабістых праблем. Я папрасіўся на прыём з-за маіх супрацоўнікаў, бо ведаю іх як сумленных людзей і лічу іх арышт памылкай органаў дзяржбяспекі».

Арышты такога маштабу не праводзіліся без санкцыі Сталіна. Таму ў адказ Кісялёў пачуў: «Вяртайцеся ў Мінск. Да вас прэтэнзій няма. Набірайцеся новых супрацоўнікаў і працуйце спакойна».

Кісялёў устаў, але не выходзіў. Некаторы час Сталін моўчкі хадзіў па кабінеце, потым сказаў: «Калі вы настойваеце на невінаватасці вашых падначаленых, то сядайце за стол, бярыце ліст паперы і пішыце дакладную на маё імя, у якой укажыце, што асабіста ручаецеся галавой за кожнага з іх. А я падумаю, што можна зрабіць». Не вагаючыся ні хвіліны, Кісялёў сеў і напісаў патрэбную дакладную.

    Прыехаў у Мінск і на наступны дзень выйшаў на працу. 

    Супрацоўнікі Міністэрства замеж ных спраў былі на сваіх месцах.

   У кастрычніку 1952 года, у час работы XIX з’езда партыі, Кісялёву прапанавалі пасаду сакратара ЦК па кадрах. Гэта было сур’ёзнае павышэнне. Кісялёў паду-маў і папрасіў пакінуць яго ў Мінску. Пад нумарам два ў спісе кандыдатаў зна-чыўся Леанід Брэжнеў, які і заняў гэту пасаду пасля таго, як Кузьма Венядзікта-віч адмовіўся. Праз гады, калі быў зняты Хрушчоў, Брэжнеў успомніў пра свайго канкурэнта—Леанід Ільіч не любіў быць другім. І Кісялёва ў 1966 годзе ад- правілі на пенсію. За яго заступаліся Грамыка і Машэраў. Аднак яны не змаглі нічога зрабіць.

   Прайшло некалькі гадоў. Пра Кісялёва не забыліся. Як толькі стала магчыма, Машэраў назначыў яго саветнікам Савета Міністраў БССР. На гэтай пасадзе Кузьма Венядзіктавіч працаваў да канца свайго жыцця. Яго не стала ў 1977 годзе.

    Уражанне пра чалавека складваецца па яго справах. А добрых спраў у Кузьмы Венядзіктавіча вельмі многа.

Сярод іх — стварэнне Рэспубліканскага анкалагічнага цэнтра. У СССР такіх цэнтраў было тры: два — у Расійскай Федэрацыі і адзін — на Украіне. У Беларусі людзі запісваліся ў чаргу, каб туды трапіць. Далёка не кожны дажываў да сваёй чаргі на аперацыю. Кісялёў прабіў у Маскве рашэнне аб адкрыцці анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах. Пачалося будаўніцтва —заклалі фундамент, першы паверх. А тут Масква перастала пералічваць грошы, бо яны былі выдаткаваны на іншыя мэты. Аб’ект ператварыўся ў чарговы даўгабуд.

   Кісялёў пайшоў на неардынарны крок. На пасяджэнні ААН Кузьма Венядзік-тавіч адступіў ад тэксту прамовы, заверанай Міністэрствам замежных спраў СССР і ЦК. Ён расказаў пра тое, што пад Мінскам будуецца найноўшы анкалагічны цэнтр і … запрасіў Генеральнага сакратара ААН у Беларусь праз год на яго адкрыццё. Інфармацыя трапіла ў друк і на тэлебачанне ў ЗША, Вялі-кабрытаніі і іншых краінах. Масква тэрмінова пералічыла сродкі. У прызначаны тэрмін бальніца была дабудавана.

  Генеральны сакратар ААН сапраўды прыехаў на яе адкрыццё. Адзін раз у гісторыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Генеральны сакратар прыязджаў не ў Маскву, а ў сталіцу нашай рэспублікі.

    Вось такім чалавекам і быў Кузьма Венядзіктавіч Кісялёў.

  Шкада, што ў наш час ён, як сотні іншых дзеячаў савецкай эпохі, незаслужана забыты. Менавіта гэтыя людзі былі прыкладам для пераймання. На жаль, ні ў адным з беларускіх гарадоў няма вуліцы імя Кузьмы Кісялёва. Пайшлі з жыцця такія волаты, як Кісялёў, пайшла ў небыццё і звышдзяржава — СССР. Бо яны трымалася на такіх людзях, як Кузьма Венядзіктавіч.

 

   Кісялёў, В. Ён быў чалавекам эпохі : [успаміны пра Кузьму Кісялёва, быўшага міністра замежных спраў, ураджэнца Крычаўскага раёна] / Васіль Кісялёў // Полымя. – 2007. — № 6. — С. 201—212.

bottom of page